БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.

Т.М.Ходцава.

т. 3, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)